Сёньня непадалёк ад райцэнтру Глуск адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знаку ў памяць пра забітых падчас Другой ўсясьветнай вайны габрэяў.
У сьнежні 1941 году на Мыслачанскай гары былі расстраляныя амаль тры тысяч зьняволеных глускага гета.
Сродкі на памятны знак зьбіралі талакой. Адзін з апошніх глускіх габрэяў Навум Сандамірскі сказаў:
"З габрэяў у Глуску засталася толькі мая сям’я. Чатыры чалавекі. І я вырашыў, што варта нешта пакінуць у памяць пра глускіх габрэяў. Цягам году мы зьбіралі грошы. Гэта ахвяраваньні нашых землякоў, якія жывуць у Ізраілі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Нямеччыне, у Расеі. Адкрыць помнік хацелі яшчэ зімой. Але цяжка было тады ўпарадкаваць тэрыторыю, ды й грошай не хапала”, зазначыў Навум Сандамірскі.
Памятны знак на Мыслачанскай гары зроблены ў выглядзе разарванага на шэсьць фрагмэнтаў фотаздымка. Шэсьць калён па два мэтры кожная сымбалізуе – шэсьць мільёнаў забітых у часы Халакоста габрэяў.
Ушанаваць памяць расстраляных глускіх габрэяў на Мыслачанскую гару прыехалі больш за дзьвесьце іх суродзічаў. На адкрыцьці памятнага знаку прысутнічаў амбасадар Ізраілю ў Беларусі Эдуар Шапіра, першы сакратар амбасады Генадзь Палішчук. Былі таксама прадстаўнікі рэлігійных і культурных габрэйскіх арганізацыяў зь Менску, Магілёва, Бабруйска.